Падчас Вялікай Айчыннай вайны на Беларусі і ў суседніх краінах дзейнічала больш за 300 лагераў смерці. Адзін з самых вядомых на сённяшні час – дзіцячы лагер смерці “Саласпілс” – на тэрыторыі сучаснай Латвіі. Вядома, што вязні гэтага лагера прымусова былі донарамі крыві для фашысцкіх захопнікаў. Пра жахі зняволення падрабязна распавяла былая вязніца канцлагера Марыя Валянцінаўна Зімніцкая, сустрэча з якой адбылася 6а мая ў дзіцячай бібліятэцы № 6 імя В.Віткі.
Што адчувае чалавек, калі яго раптам разам з усёй сям’ёй забіраюць з дому, кідаюць у вагон грузавога цягніка, тыдзень некуды вязуць і кормяць толькі снегам і лёдам? Ці існуе надзея на цуд, калі за вокнамі барака, у якім ты жывеш разам з іншымі незнаёмымі дзецьмі, ад стогнаў і подыху яшчэ жывых пахаваных уздымаецца зямля ў ямах? Адказы на гэтыя і іншыя страшныя пытанні пачулі падчас сустрэчы вучні сярэдняй школы № 3.
Вайна – гэта перш за ўсё смерць. І таму, напярэдадні Дня Перамогі, варта прыгадаць шматлікіх ахвяраў вайны і тое, які кошт яны заплацілі за мірнае неба над нашымі галовамі. Упэўненыя, словы Марыі Валянцінаўны былі пачутыя кожным з прысутных, пачутыя як вушамі, так і сэрцамі.