“Ці ёсць у вас супергерой?” - з такім пытаннем звярнулася кіраўнік тэатра “Лямцавая батлейка” Вераніка Фаміна да ўдзельнікаў сустрэчы, вучняў 3-х класаў 60-й сталічнай школы.
У кожнага з прысутных, безумоўна, быў свой любімы супергерой: супермама, супербабуля, чалавек–павук, Бэтман і інш.
“А ці можа быць супергероем кніга?” – ізноў звярнулася спадарыня Вераніка да ўдзельнікаў імпрэзы. Некалькі чалавек адразу адказалі станоўча, а потым пагадзіліся амаль усе. І сапраўды, хіба кніга не можа быць супергероем?
19 красавіка ў бібліятэцы імя В.Віткі адбылася прэзентацыя кнігі шведскай пісьменніцы і мастачкі Гунілы Бэргстрэм “Суперкніга пра Біла з Болаю” на беларускай мове.
Кнігу прэзентавалі ў тэатры “Лямцавая батлейка” Вераніка Фаміна разам з акторкай Юліяй Хальковай-Гармазой. Прыйшла на сустрэчу і перакладчык кнігі Надзея Кандрусевіч, галоўны рэдактар выдавецтва “KOSKA”, якое будзе выдаваць кнігі толькі шведскіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову.
Наведвальнікі бібліятэкі пазнаёміліся з новымі героямі-лялькамі – Білам і Болай – героямі кнігі Гунілы Бэргстрэм “Сперкніга пра Біла з Болаю”.
У звычайнай сям’і нараджаецца асаблівае дзіця. Радасць гэта ці гора? – праследжваецца пытанне аўтара. І наогул, наша жыццё і ўсё, што ў ім адбываецца - гэта неспадзяванка ды найвялікшы цуд?
“Паміж вас жыве незвычайны чалавек і як аднесціся да яго? Прайсці міма, не заўважыць, або працягнуць руку дапамогі? - такое пытанне кіраўніка тэатра было наступным. “Абавязкова памагчы” – адназначна адказалі вучні 3-х класаў 60-й школы.
Хочацца адзначыць цікавую падачу матэрыяла, прафесійную ігру актораў. Гэта тое, што трэба сёння дзецям, каб данесці нейкую ідэю.