Напачатку імпрэзы лялечны тэатр “Пацешка”, што дзейнічае пры дзіцячай бібліятэцы, прадэманстраваў урыўкі з гэтых твораў Кацярыны Станіславаўны. А сама пісьменніца распавяла пра свае дзіцячыя мары, пра дэтэктыўныя гісторыі, што здараліся з яе кніжкамі і пра сваіх вучняў – гэткіх жа гарэзлівых хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыйшлі на прэзнтацыю. І раптам ... высветлілася, што Кацярына Станіславаўна яшчэ і фея сноў! Так, сапраўдная фея ў чароўнай мантыі і з чарадзейнай палачкай у руцэ. Фея Кацярына прыйшла не адна, а разам са сваёй сяброўкай знічкай, а таксама з героем сваёй новай кніжкі “Казкі сіняй падушкі” – блакітным камячком Пухлікам. Усе разам яны загадвалі касмічныя загадкі, складалі вершыкі, прыгадвалі самыя прыгожыя беларускія словы і раздавалі адмысловыя чарадзейныя цукеркі для цікавых сноў. Таксама казачніца распавяла пра тое, што зусім хутка ў чытачоў з’явіцца магчымасць прачытаць яе новыя кніжкі “Казкі сіняй падушкі”, “Казкі сівой даўніны” і “Код геніяльнасці”.
На развітанне Кацярына Хадасевіч-Лісавая падарыла кожнаму госцю чароўную закладку з аўтографам і дакранулася чарадзейнай палачкай да кожнага хлопчыка, да кожнай дзяўчынкі, і паабяцала, што ўсім сёння пашчасціць пабачыць цудоўны сон.